АХО́ЎНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
штучныя паверхневыя слаі, якія ахоўваюць вырабы і збудаванні ад разбуральнага ўздзеяння асяроддзя, павышаюць трываласць, надаюць ім прывабны выгляд. Бываюць металічныя (з алюмінію, бронзы, жалеза, цынку і інш.) і неметалічныя (лакі, эмалі, фарбы, пластмасы, гума, цэмент, эбаніт і інш.).
Металічныя пакрыцці наносяць гальванічным (гл. Гальванатэхніка), плазмавым (распыленне расплаўленых металаў), кантактным (выдзяляюць металы з раствораў без эл. току) спосабамі, гарачай пракаткай (плакіроўка); практыкуюць алітаванне, залачэнне, цэментаванне. З неметалічных самыя пашыраныя лакафарбавыя пакрыцці. Пластмасавыя пакрыцці (поліэтылен, фтарапласты, вінілавыя пласты, матэрыялы на аснове бакелітавых і эпаксідных смолаў) наносяць на паверхні віхравым ці газаполымным напыленнем або абліцоўкай ліставымі матэрыяламі. Ахоўныя пакрыцці з пластмасаў і гумы засцерагаюць вырабы, пераважна хім. апаратуру, ад дзеяння вады, кіслот і інш. хім. рэагентаў. Керамічныя ахоўныя пакрыцці наносяць плазмавым напыленнем ці эмаліраваннем (ахоўваюць вырабы ад высокіх тэмператур і агрэсіўных асяроддзяў).
т. 2, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)